Спартыўны запал лунінецкіх настаўнікаў

Па традыцыі ў спартыўнай зале СШ №4 у Лунінцы сабраліся каманды настаўнікаў, каб прыняць удзел у традыцыйнай раённай спартакіядзе работнікаў сферы адукацыі, прысвечанай Году якасці.

Падчас урачыстага адкрыцця ўдзельнікаў спаборніцтваў вітала старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Нэлі Рафаловіч. На старт выйшлі чатыры каманды – “Лунінец” (капітан Аляксандр Аляшкевіч), “Мікашэвічы” (Мікалай Клеўжыц), зборная сельскіх школ “Усход” (Павел Кузьміч) і зборная сельскіх школ “Захад” (Аляксей Раўковіч). Пасля жараб’ёўкі з удзелам капітанаў каманд, у спартыўнай зале закіпела барацьба.

У баскетбольнай эстафеце не было роўных настаўнікам з “Лунінца”. У настольным тэнісе перамаглі педагогі з “Усхода”. “Захад” стаў лепшым у дартсе. У спаборніцтвах па валейболе на першым радку турнірнай табліцы замацаваліся “Мікашэвічы”. Дарэчы, у адпаведнасці з палажэннем, заваяванае тут месца было вызначальным пры роўнай колькасці ачкоў. Дык вось, перамога ў валейбольным турніры дазволіла “Мікашэвічам” апярэдзіць “Захад”, хаця ачкоў яны набралі па 9.

Трэцяе месца – у “Лунінца”, чацвёртае – у каманды сельскіх настаўнікаў з “Усхода”.

Аднак, без узнагарод, якія ўручыла Нэлі Рафаловіч, ніхто не застаўся. Задаволены былі ўсе, таму што атрымалі шмат станоўчых эмоцый і зарад бадзёрасці.

Алена ДАНІЛОВІЧ.