Кансалідацыя – залог стабільнай будучыні

Першапачаткова разумеючы асаблівую небяспеку каронавіруса для чалавека і сур’ёзнасць пагрозы, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі выпрацавала стратэгію паводзін і сіламі ўсёй арганізацыйнай структуры ўключылася ў работу па аказанні ўсебаковай дапамогі і падтрымцы грамадзянскай супольнасці, у тым ліку і медыкаў.
– У пачатку вясны прыйшла першая хваля COVID-19, – расказвае старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Гапон. – Гэта запатрабавала новых рашэнняў. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі прыняла шэраг пастаноў, накіраваных на вырашэнне эпідэміялагічнай сітуацыі. Па ініцыятыве ФПБ на ўсіх узроўнях былі створаны касы ўзаемадапамогі, з якіх праводзілася закупка дэзінфіцыруючых сродкаў і прадастаўлялася дапамога людзям, што апынуліся ў складаным матэрыяльным становішчы. Акрамя таго, быў створаны прафсаюзны фонд страхавання работнікаў аховы здароўя. Сродкі ў гэты фонд накіравалі ўсе галіновыя прафсаюзы.
Нашых медыкаў таксама не абыйшлі ўвагай. Матэрыяльная дапамога была аказана 7 захварэўшым медыцынскім работнікам Лунінецкай ЦРБ на суму 4200 рублёў. Да таго ж, спонсарскую бязвыплатную дапамогу атрымалі ЦРБ – 3900 рублёў, пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі лунінецкай СШ №2 і сацыяльнага педагагічнага цэнтра па 250, цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі – 100 рублёў. Важна, што “пярвічкам” прадастаўлена права за кошт фонду дапамогі аплачваць выдаткі, звязаныя з добраахвотным страхаваннем членаў прафсаюза ад заражэння інфекцыяй.
Сёння прафсаюзныя арганізацыі нясуць адказную місію, адстойваючы законныя правы і інтарэсы калектываў, а таксама матывіруючы іх працаваць яшчэ лепш. Мы імкнемся, каб людзі і ў перыяд пандэміі адчувалі нашу дапамогу і падтрымку. Сумесна з наймальнікамі праводзілі і зараз праводзім работу па захаванню працоўных калектываў, усе рашэнні па аптымізацыі вытворчасці прымаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Гісторыя ведае нямала прыкладаў, калі адзінства народа дапамагала пераадолець нягоды і цяжкасці. Толькі кансалідацыя грамадства і намаганні кожнага з нас дазволяць вытрымаць выпрабаванні часу і дабіцца поспехаў ва ўсіх сферах, што актуальна ў гэты няпросты перыяд. Цяпер, як ніколі, важная кансалідацыя грамадства і ў барацьбе з пандэміяй каронавіруса, і ў вырашэнні палітычных і сацыяльных пытанняў. Упэўненасць у сваіх сілах і падтрымка – залог нашай стабільнай будучыні.
Зараз ідзе актыўная падрыхтоўка да марафону навагодніх і калядных віншаванняў. Гэта традыцыйная акцыя “Прафсаюзы – дзецям”. Мы разам нясем дзяўчынкам і хлопчыкам эмоцыі і падарункі, якія яны вельмі чакаюць у гэтыя дні. Без іх не абыходзіцца ні адзін навагодні сезон. Мы не маем права не апраўдаць надзеі самых маленькіх грамадзян, таму што сіла традыцый умацоўваецца такімі агульнымі добрымі справамі. Мы адкрыты ўсяму новаму, што дапамагае развіваць лепшае, што ў нас ёсць.